МА́ГЛЕМАЗЕ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура мезалітычных плямён, якія ў 7—6-м тыс. да н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Балтыйскага мора. Назва ад знаходак у тарфяніку Маглемазе на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Знойдзены крамянёвыя прылады працы мікралітычнага і макралітычнага тыпу, рэчы з косці, рогу і дрэва. Плямёны М.к. жылі невял. першабытнымі абшчынамі. Некаторыя даследчыкі разглядаюць М.к. як пераймальніцу свідэрскай культуры. Частка рагавых і касцяных вырабаў нёманскай культуры мае аналагі ў М.к.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)